Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/295

Гэта старонка была вычытаная

НЕ ВАРТА КЛАСЦІ Ў АДНУ КІШЭНЮ КЛЮЧ І ГАДЗІННІК

Маркіз дэ-Лантэнак быў не так далёка, як думалі яго ворагі. Тым не менш ён быў па-за небяспекай, бо знайсці яго было нельга.

Маркіз вышаў следам за Гальмало. Патаемная лесніца, па якой яны спусціліся ўслед за іншымі ўцекачамі, канчалася ў рове пад самымі аркамі маста і выводзіла ў глыбокую натуральную расколіну ў зямлі; гэтая шчыліна выходзіла адным канцом у роў, а другім — у лес. Яна так густа парасла травой і хмызняком, што была зусім схаваная ад старонняга вока: чалавека, які там схаваўся, нельга было знайсці. Адсюль уцекачу заставалася прайсці ўсяго некалькі крокаў, і яму ўжо не пагражала небяспека.

Маркізу заставалася схавацца ў лесе. Яму не трэба было клапаціцца аб перамене адзення. З самага прыбыцця свайго ў Брэтань ён не здымаў сялянскага ўбрання, лічачы, што ён у кожным адзенні застаецца вялікім панам. Ён адшпіліў толькі шпагу разам з партупеяй і кінуў іх за кусты.

Калі яны з Гальмало выбраліся ў расколіну, там ужо не было нікога з уцекачоў.

— А нашы птушкі паспяшаліся паляцець, як я бачу, — заўважыў Гальмало.

— Раю і табе зрабіць тое самае, — адказаў яму маркіз.

— Вы загадваеце мне пакінуць вас аднаго, мансен'ёр?

— Зразумела. Я-ж казаў ужо: ратавацца можна толькі па адным. Дваім, бывае, і не прабрацца там, дзе прабярэцца адзін. Удвух мы лёгка прыцягнем увагу да сябе. Праз цябе могуць і мяне злавіць, а праз мяне — цябе.