Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/297

Гэта старонка была вычытаная

Лічыць сябе загінуўшым і выратавацца, унікнуць смерці і вярнуцца ў жыццё — гэта нават для такога чалавека, як Лантэнак, было вялікім узрушэннем.

Маркіз выняў з кішэні гадзіннік і перавёў іх на бой. На вялікае яго здзіўленне, яны прабілі толькі дзесяць разоў. Значыцца, гэтая бойка, пачатая ў восем гадзін, скончылася да дзесяці. Усё гэта працягвалася толькі сто дваццаць мінут. Падзеі здольны ўмяшчацца ў самыя кароткія прамежкі часу.

Маркіз, нарэшце, успомніў, што яму трэба ісці. Гальмало быў ужо далёка. Ён апусціў гадзіннік у кішэню, але не ў тую, дзе ён быў раней, бо заўважыў, што ў гэтай кішэні ляжаў ключ ад жалезных дзвярэй, які аддаў яму Іманус пасля агляду замка, і падумаў, што ключ можа расціснуць шкло ў гадзінніка. Ён прайшоў некалькі крокаў наперад і ўжо збіраўся павярнуць налева ў бок лесу. Раптам яму здалося, што праз лісце над яго галавой відаць нейкае дзіўнае святло. Ён азірнуўся і праз галіны, што выразна выступалі на чырвоным небе, убачыў яркае зарава. Ён схамянуўся, што пры такім яркім асвятленні яго лёгка маглі заўважыць, зноў пайшоў у той бок, куды яму паказаў Гальмало.

Схаваны кустамі, ён падыходзіў ужо да лесу, як раптам пачуў над галавой страшэнны крык, які ішоў, відаць, з самага берага кручы, што спускалася ў роў. Ён падняў галаву і спыніўся.