Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/299

Гэта старонка была вычытаная

яе пачынаўся пажар. Агонь то выскакваў вон, то хаваўся ў дыме, круцячыся і выгінаючыся, як змяя.

Доўгім чырвоным языком полымя выходзіла з адчыненага акна.

Мішэль Флешар глядзела, ашаломленая. Што ёй было рабіць? Бегчы? Заставацца?

Парыў ветру разарваў на момант дымавую заслону, і трагічная цытадэль выразна наступіла ў гэтым прасвеце.

Гарэў ніжні паверх будынка, што стаяў на масту. Над ім, нібы ў вогненым кашы, чарнелі два верхнія паверхі, яшчэ не кранутыя агнём. З берага кручы, дзе стаяла Мішэль Флешар, у тыя хвіліны, калі полымя перамагала дым, можна было бачыць унутранасць пакояў. Усе вокны былі адчыненыя.

Праз вялізныя вокны другога паверха відаць былі ўдоўж сцен шкляныя шафы, напакаваныя кнігамі, а ля аднаго з акон, на падлозе, ляжаў нейкі камяк, падобны на вялікае гняздо або на вывадак нейкіх маленькіх звяркоў. Мішэлі здалося нават, што гэты камяк часам варушыўся.

Яна пачала ўглядацца. Што-б гэта такое магло быць? «А што, калі сапраўды гэта жывыя істоты?» — думалася ёй. Яе трэсла; яна ішла ўвесь дзень, не адпачываючы, нічога не ела ад раніцы; яна знясілела ад стомы. Яна адчувала, што ў яе пачынаецца брэд, і інстынктыўна не давярала сваім уражанням. І ўсё-такі вочы яе не маглі адарвацца ад загадкавай цёмнай кучкі невядомых прадметаў, што ляжалі на паркеце пакоя, які знаходзіўся акурат над гарэўшай часткай будынка.

Раптам агонь выцягнуў уверх адзін з сваіх языкоў і лізнуў галінку засохлага плюшча, які пакрываў акурат той фасад замка, на які глядзела Мішэль Флешар.