Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/30

Гэта старонка была вычытаная

Ла-В'ёвіль паківаў галавой. Потым спытаўся:

— Капітан, высадзім мы марскую пяхоту?

— Так, калі пабярэжжа за нас. Не, калі яно акажацца варожым. На вайне бываюць выпадкі, калі даводзіцца ламацца ў дзверы, а бывае і так, што выгадней праслізнуць цішком. Грамадзянская вайна заўсёды павінна мець у кішэні падабраны ключ у запасе. Мы зробім тое, што будзе магчыма. Галоўнае — знайсці правадыра.

Ля-В'ёвіль хвіліну падумаў і сказаў:

— Тут трэ' было-б прынца, французскага прынца, прынца крыві, сапраўднага…

— Навошта? У нас-жа словам «прынц»…

— Завуць «труса». Я ведаю, капітан. Але гэта трэба для таго, каб уздзейнічаць на гэтае вясковае быдла.

— Дарагі мой Шэвалье, прынцы не хочуць біцца.

— Абыйдземся і без іх.

Буабертло машынальным рухам прыціснуў руку да ілба, нібы выціскаючы з яго нейкую думку, нарэшце, сказаў:

— Што-ж, паспрабуем пакуль гэтага генерала.

— Ён — чыстакроўны дваранін.

— Вы думаеце, ён спраўдзіць надзеі?

— Так, калі будзе добры, — сказаў Ла-В'ёвіль.

— Гэта значыць, бязлітасны, — паправіў Буабертло.

Граф і Шэвалье зірнулі адзін на аднаго.

— Граф дзю-Буабертло, вы знайшлі адпаведнае слова. Бязлітасны! Але, вось акурат тое, што нам трэба. Гэтая вайна не павінна ведаць літасці. Надышоў час крыважэрных. Царазабойцы адсеклі галаву Людовіку шаснаццатаму — мы пасячэм царазабойцаў. Так, няўмольны палкаводзец, які не ведае літасці, — вось каго нам трэба. У Анжу і ў Верхнім Пуату начальнікі гуляюць у велікадушша, даруюць і мілуюць,