Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/301

Гэта старонка была вычытаная

Полымя нібы знайшло сабе новую спажыву. Прагна ахапіўшы першыя парасткі плюшча, яно з жахлівай шпаркасцю, нібы па парахавым провадзе, пабегла ўверх. У адзін міг яно дабегла да верхняга паверха і зверху асвятліла сярэдзіну другога. Уся залітая яскравым святлом, рэльефна выступіла на падлозе чароўная група — трое спячых малютак. Сціснуўшыся ў кучу, пераплятаючыся рукамі і нагамі, усе трое мірна спалі. Тры мілыя галоўкі са сплюшчанымі вачыма ўсміхаліся ў сне.

Маці пазнала сваіх дзяцей. У яе вырваўся жудасны крык — той крык невыказнай пакуты, якім можа крычаць толькі маці. Няма нічога больш жахлівага і жаласлівага, як гэты крык. Калі так крычыць жанчына, здаецца, што чуеш ваўчыцу; калі так крычыць ваўчыца, здаецца, што чуеш жанчыну.

Крык, які вырваўся ў Мішэль Флешар, быў нават не крык, а выццё.

Гэты крык і пачуў маркіз дэ-Лантэнак. Ён спыніўся.

Ён быў у гэты момант паміж выхадам з патаемнага ходу, якім правёў яго Гальмало, і ровам. Скрозь галлё, што сплялося над яго галавой, яму відаць быў мост, увесь у агні, і вежа, барвовая ад водбліску пажару. Каб лепш бачыць, ён рассунуў галіны і ўверсе, на беразе кручы, па другі бок рову, прама супроць палаючага замка, убачыў усю асветленую заравам, схіленую над ровам фігуру жанчыны са скажоным ад жаху тварам. Яе крык быў крыкам жывёлы; яе фігура, яе поза — фігура і поза багіні. Яе залітыя слязмі вочы кідалі маланку; яе погляд упрашаў, загадваў, пагражаў пажару, як жывой істоце.

Маркіз слухаў. Зверху на яго, нібы каменні, падалі крыкі, енкі, лямант; ён чуў нешта незразумелае, але раздзіраючае душу, — больш рыданні, як словы.