Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/302

Гэта старонка была вычытаная

— О, божа! Мае дзеці! Гэта яны, мае дзеці! Памажыце! Памажыце! Злодзеі вы, ці што? Няўжо тут няма нікога?.. Мае дзеці згараць!.. Ах, ды што-ж гэта такое?! Жоржэта! Дзеткі мае! Гро-Алэн, Рэне-Жан!.. Ах, божа мой, што-ж усё гэта значыць? Хто засадзіў сюды маіх дзяцей?.. Яны спяць — мае ягадкі… Ах, я звар'яцею… Не, яны не могуць згарэць, гэта немагчыма! Памажыце!

Між тым у вежы і на плато ішла страшэнная мітусня. Увесь лагер збегся, як толькі ўбачылі, што пачынаецца пажар. Нападаючым, толькі што меўшым справу з карцеччу, прыходзілася цяпер змагацца з агнём. Говэн, Сімурдэн і Гешан давалі спешныя загады. Але што тут было рабіць? Чым дапамагчы? У маленькім раўчуку, што працякаў у рове, не набраць было і некалькіх вёдзер вады. Агульная разгубленасць і жах усё павялічваліся. Увесь бераг кручы быў усеяны перапалоханымі людзьмі з бледнымі тварамі, бездапаможна глядзеўшымі на пажар.

Карціна была сапраўды жудасная. Полымя па сухім плюшчы перабегла на верхні паверх. Там, пад страхой, дзе было шмат саломы, яно знайшло багатую спажыву і накінулася на яе. Гарэла ўсё падстрэшша. Агонь скакаў, агонь радаваўся. Весялосць полымя — жудасная рэч. Здавалася, чыёсьці злоснае, злачыннае дыханне раздзьмухвае гэты касцёр. Здавалася, сам страшны Іманус ператварыўся ў віхр вогненых іскраў. Сярэдні паверх, дзе была бібліятэка, яшчэ не быў ахоплены агнём. Высокая столь і тоўстыя сцены аддалялі момант, калі ён павінен быў загарэцца. Але гэты момант набліжаўся: вогненыя языкі ўжо лізалі і зверху і знізу. Унізе — кацёл растопленай лавы; наверсе — палаючы касцёр; варта прагарэць столі, і бібліятэка бы-