Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/303

Гэта старонка была вычытаная

ла-б засыпаная распаленымі вуголлямі; варта прагарэць падлозе, і ўсё правалілася-б у кіпучы кацёл.

Рэне-Жан, Гро-Алэн і Жоржэта, яшчэ не прачнуліся; яны спалі глыбокім, спакойным сном дзяцінства. Скрозь хвалі дыму і агню, якія то засланялі адчыненыя вокны бібліятэкі, то зноў адкрывалі іх, можна было бачыць усіх трох. Спакойныя, бездапаможна даверлівыя, параскідаўшыся ў прыгожых позах, залітыя яркім святлом пажару, яны ляжалі ў гэтай вогненай пячоры. Тыгр і той, здаецца, заплакаў-бы, бачачы гэтых малютак, толькі што пачынаючых жыць, у абдымках смерці.

— Гарыць! Гарыць! Памажыце! — маліла, ламаючы рукі, бедная маці. — Ніхто не ідзе. Ах, божа мой! Аглухлі ўсе вы, ці што? Вы чуеце, я крычу: мае дзеці згараць! Вас многа тут, ідзіце-ж хто-небудзь! Колькі дзён і тыдняў я шукала іх, маіх малютак, і вось як я іх знаходжу! Завошта? Завошта? Што яны зрабілі? У чым іх віна?.. Мяне расстралялі, іх хочуць спаліць. Хто гэта робіць?.. Ды памажыце-ж! Ратуйце дзяцей! Няўжо вы не чуеце мяне?.. Сабаку і таго пашкадавалі-б… Мілыя мае, родныя!.. Яны спяць… Жоржэта, дачушка мая! Спіць зусім голенькая — вунь выставіла свой жывоцік. Рэне-Жан! Гро-Алэн! Хлопчыкі мае!.. Я-ж ім маці, я ведаю, як іх завуць. Вы бачыце цяпер, што я іхняя маці… Ах божа мой, што толькі творыцца на свеце!.. А я-ж іх шукала, усё ішла, ішла дзень і ноч. Яшчэ сёння раніцою гаварыла з адной жанчынай; я казала ёй, што я шукаю маіх дзяцей… Памажыце! Памажыце! Страшыдлы! Звяры! Там-жа-ж дзеці гараць! Старэйшаму толькі пяты гадок, а маленькай няма і двух. Дзеткі мае! Бач ты, як параскідаліся ў сне. Я бачу, адсюль іх голенькія ножкі. Спяць сабе, нічога не ведаюць. Не, вы не згарыце, мае малюткі. Ці на тое я вас гадавала, ці на тое карміла сваім малаком, прайшла