Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/304

Гэта старонка была вычытаная

дзеля вас столькі міль?.. А я-ж, калі вас адабралі ад мяне, яшчэ думала: «Якая я няшчасная!» Людцы, злітуйцеся нада мной! Аддайце мне маіх дзяцей! Я не магу жыць без іх… Можа я сню?.. Ды не, яны там, у агні, я іх бачу… Памажыце-ж! Пашкадуйце мяне! Глядзіце — у мяне ўсе ногі ў крыві; гэта таму, што я іх шукала. Памажыце! Калі вы — людзі, а не зверы, вы не дасцё ім памерці такою смерцю. Дзе гэта відана, каб дзяцей палілі жыўцом? Навошта іх заперлі ў гэты жудасны дом? Разбойнікі! Укралі дзяцей для таго, каб іх забіць. Ах, што-ж мне рабіць? Я не хачу, каб яны паміралі. Каб я ведала, што яны так жудасна памруць, я забіла-б самаго бога… Памажыце! Памажыце!..

Сярод мальбы і ляманту мацеры на плато і ў рове чуліся галасы:

— Лесніцу!

— Лесніцы няма.

— Вады!

— Няма вады.

— Там, у вежы, на трэцім паверсе, ёсць дзверы.

— Яны жалезныя.

— Выламаць іх!

— Немагчыма.

А маці крычала ў роспачы:

— Пажар! Памажыце! Хутчэй!.. Ратуйце дзяцей або забіце мяне!.. Любыя мае!.. Родныя мае!.. Агонь усё разгараецца. Вырвіце іх з гэтага пекла або кіньце мяне ў агонь!..

І сярод усіх гэтых галасоў чуваць быў спакойны, роўны трэск пажару.

Маркіз дакрануўся да сваёй кішэні, намацаў у ёй ключ ад жалезных дзвярэй, затым, сагнуўшыся, увайшоў зноў у падземны ход, праз які ён толькі што ўцёк.