Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/305

Гэта старонка была вычытаная

АД КАМЕННЫХ ДЗВЯРЭЙ ДА ЖАЛЕЗНЫХ

Цэлая армія ў чатыры тысячы чалавек, бездапаможная, збянтэжаная перад немагчымасцю выратаваць трох дзяцей, — такое было становішча.

Лесніцы сапраўды не было: адпраўленая з Жавенэ, як ужо ведае чытач, яна не дайшла па прызначэнню. Пажар між тым разліваўся ўшыркі, як лава з дзейнага кратэра. Спрабаваць загасіць яго вадой з амаль перасохлага ручая — смешна было і думаць; гэта было-б усёроўна, што спрабаваць заліць вулкан шклянкай вады.

Сімурдэн, Гешан і Радуб спусціліся ў роў. Говэн падняўся ў зал трэцяга паверха вежы, дзе быў патаемны ход і жалезныя дзверы ў бібліятэку. Адтуль-жа быў праведзены і насычаны серкай кнот, што падпаліў Іманус. Адтуль і пачаўся пажар.

Говэн узяў з сабой дваццаць чалавек сапёраў. Заставаўся адзін толькі спосаб — выламаць жалезныя дзверы. Адчыніць іх было немагчыма.

Паспрабавалі сячы сякерамі — сякеры паламаліся.

— Іх ніякая сталь не возьме, — сказаў адзін сапёр.

І сапраўды гэта былі нязломныя дзверы: суцэльнага каванага жалеза ды яшчэ змацаваныя падвойнымі балтамі па тры дзюймы таўшчыні кожны.

Пусцілі ў ход жалезныя ламы, у якасці рычагоў, але і яны разляцеліся на кавалкі. Говэн прашаптаў:

— Гэтыя дзверы можна прабіць толькі гарматай. Хіба паспрабаваць падняць сюды гармату?

— І гармата не дапаможа, — азваўся той-жа сапёр.

Ва ўсіх апусціліся рукі. Людзі моўчкі глядзелі на страшныя дзверы. З-пад іх відаць была барвовая паласа — водбліск агню. За імі бушаваў, усё пашыраючыся, пажар. Каля іх, злосна радуючыся, ляжаў жудасны труп Імануса.