Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/306

Гэта старонка была вычытаная

Мажліва праз некалькі мінут усё разбурыцца. Што было рабіць?.. Не заставалася ніякай надзеі. Гледзячы на адчыненую дзіру патаемнага ходу, Говен усклікнуў у роспачы:

— А між тым вось гэтым шляхам вышаў маркіз дэ-Лантэнак!

— І тым-жа шляхам вяртаецца, — пачуўся голас.

І ў каменнай раме патаемнага ходу паказалася сівая галава.

Гэта быў маркіз.

Говэн не бачыў яго шмат гадоў; ён мімаволі адступіў. Усе астатнія замерлі на месцы, як скамянелыя.

Маркіз трымаў у руцэ вялікі ключ. Уладарным поглядам ён прымусіў рассунуцца некалькіх чалавек, што стаялі яму на дарозе, прайшоў прама да жалезных дзвярэй, нахіліўся і ўсунуў ключ у замок. Замок зарыпеў; дзверы адчыніліся, паказалася полымя. Маркіз увайшоў у гэтае палаючае мора, увайшоў цвёрдым шагам, з высока паднятай галавой.

Не паспеў ён ступіць і некалькіх крокаў, як падлога правалілася ў яго за спіной, адлучыўшы яго ад дзвярэй вогненым бяздоннем. Ён нават не павярнуў галавы і пайшоў далей. Праз секунду ён знік у дыме.

Што сталася з ім? Ці паспеў ён прайсці далей? Ці не праглынуў яго новы абвал? Няўжо ён толькі дарма загубіў сябе? Ніхто не мог на гэта адказаць. Відаць была толькі суцэльная сцяна з дыму і агню, за гэтай сцяной быў маркіз — жывы ці мёртвы.

ДЗЕЦІ ПРАЧЫНАЮЦЦА

Дзеці, нарэшце, расплюшчылі вочы. Другі паверх замка яшчэ не быў ахоплены пажарам; на столі бібліятэкі гуляў яго ружовы водбліск. Дзеці ніколі не бачылі