Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/307

Гэта старонка была вычытаная

такой дзіўнай зары. Усе трое глядзелі на яе з захапленнем.

Пажар разгараўся. Даўгія палаючыя галаўні фейерверкам разляталіся ў паветры, свецячыся ў цемнаце: здавалася, гэта каметы гуляюць, ганяючыся адна за адной. Агонь раскідлівы; свае багацці ён рассыпае па ветру.

— Прыгожа! — сказала Жоржэта.

Усе трое прыўзняліся і выцягнулі шыйкі.

— Яны прачынаюцца! — закрычала маці.

Рэне-Жан ускочыў; за ім ускочыў Гро-Алэн, а за Гро-Алэнам — Жоржэта. Рэне-Жан пацягнуўся, падышоў да акна і сказаў:

— Як горача!

— Голаца! — паўтарыла Жоржэта.

Маці пачала клікаць іх:

— Дзеткі мае! Рэне! Адэн! Жоржэта!

Дзеці азіраліся навакол, намагаючыся зразумець, хто іх кліча. Тое, што палохае дарослага чалавека, дзіця толькі дзівіць, а хто лёгка здзіўляецца, таго нялёгка спалохаць: няведанне не ведае страха.

Маці клікнула яшчэ раз:

— Рэне! Алэн! Жоржэта!

Рэне-Жан абярнуўся на голас. У дзяцей кароткая памяць, але ўспамінаюць яны хутка; усё мінулае здаецца ім учарашнім днём. Рэне-Жан убачыў маці, не знайшоў у гэтым нічога дзіўнага і сказаў:

— Мама!

— Мама! — паўтарыў за ім і Гро-Алэн.

— Мама! — прамовіла Жоржэта і працягнула да маці свае ручкі.

— Дзетачкі мае! — крыкнула маці.