Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/308

Гэта старонка была вычытаная

Дзеці прыціснуліся да акна; на шчасце, пажар яшчэ не захапіў гэтага боку.

— Мне горача, — сказаў Рэне-Жан. І, знайшоўшы вачыма маці, крыкнуў ёй: — ідзі да нас, мама!

— Да нас, мама! — паўтарыла Жоржэта.

Няшчасная маці, расхрыстаная, у лахманах, са скрываўленымі нагамі, чапляючыся за кусты, сяк-так скацілася ў роў. Гешан і Сімурдэн былі ўжо там, такія-ж бездапаможныя ўнізе, як Говэн наверсе. Вакол іх сабраліся салдаты.

Гарачыня была нясцерпная, але ніхто гэтага не заўважаў. Усе з жахам глядзелі на палаючы замак, на высокія аркі маста, на недаступныя вокны.

Тры паверхі ў агні, і ніякай мажлівасці дабрацца да іх…

Да Гешана падбег Радуб з рассечаным плячом, з адарваным вухам, увесь у поце і крыві. Раптам ён убачыў Мішэль Флешар.

— Вось дык цуд! — вырвалася ў яго. — Расстраляная ўваскросла!

— Дзеці! Мае дзеці згараць! — ледзь вымавіла яна.

— Што праўда, то праўда, — сказаў Радуб. — Нам цяпер не да выхадцаў з таго свету.

І ён пачаў карабкацца на мост. Дарэмная спроба! Чапляючыся за камень ногцямі, ён прапоўз уверх некалькі вяршкоў; але аркі маста былі зусім гладкія — ніводнай шчарбінкі, ніякага выступу; камні былі дасканала дапасаваны адзін да аднаго. Радуб сарваўся і ўпаў.

А пажар бушаваў. У залітай заравам раме акна відаць былі тры русавалосыя галоўкі. Радуб убачыў іх. Тады, глянуўшы на неба, ён пагразіў яму кулаком.

Маці, стоячы на каленях, абнімала арку маста і крычала:

— Ратуйце! Ратуйце!