Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/309

Гэта старонка была вычытаная

Чуўся сухі трэск палаючага дрэва і сіпенне агню. Шыбы кніжных шафаў бібліятэкі пачалі трэскацца і са звонам падалі на падлогу. Было ясна, што блізіцца катастрофа. Ніякія чалавечыя сілы не маглі яе адхіліць. Яшчэ мінута, і ўсё павінна было заваліцца. Чутны былі тоненькія галасы, крычаўшыя: «Мама! Мама!» Жах дайшоў да апошняй мяжы.

Раптам у акне, суседнім з тым, ля якога стаялі дзеці, на цёмна-чырвоным фоне пажару паказалася высокая постаць.

Усе галовы падняліся, усе вочы прыкаваліся да гэтага акна. Там, наверсе, у зале бібліятэкі, быў чалавек — дарослы чалавек, мужчына. Яго постаць выступала чорным сілуэтам на чырвоным фоне агню; валасы ў яго былі белыя. Няцяжка было пазнаць у ім маркіза дэ-Лантэнака.

Ён знік на момант, потым з'явіўся зноў. Страшны старык трымаў цяпер у руках даўгую лесніцу. Гэта была выратоўчая лесніца, што ляжала ў бібліятэцы ля сцяны. Ён падцягнуў яе да акна са спрытнасцю і дужасцю асілка і пачаў асцярожна спускаць на дно рову. Стаяўшы ўнізе Радуб, не памятаючы сябе ад радасці, падхапіў лесніцу і, сціснуўшы яе ў абдымках, крыкнуў:

— Хай жыве Рэспубліка!

— Хай жыве кароль! — адказаў маркіз.

— Крычы сабе, што хочаш, вярзі якое хочаш глупства, а ўсё-такі я гатоў маліцца на цябе, як на бога, — прабурчэў Радуб.

Лесніца была пастаўлена; між палаючым будынкам і зямлёй былі наладжаны зносіны. Збегліся людзі. Дваццаць чалавек з Радубам на чале ў адзін міг ускарабкаліся на лесніцу. Яны занялі ўсе ступенькі, па адным