Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/31

Гэта старонка была вычытаная

і ўсё ідзе дагары нагамі. У Марэ і ў Рэтцэ вайсковае начальства лютуе, і справы ідуць добра. Гіена супроць гіены.

Буабертло не паспеў адказаць. Апошняя фраза Ла-В'ёвіля была раптоўна перапынена жудасным крыкам, і ў той-жа міг пачуўся дзіўны, ні на што не падобны шум. І крык і шум даносіліся з-пад палубы.

Капітан і яго памочнік кінуліся к трапу, што вёў на сярэднюю палубу, але не маглі выйсці: перапалоханыя артылерысты натоўпам спяшаліся наверх, штурхаючы адзін аднаго.

Здарылася жудасная рэч.

ЖАХІ ВАЙНЫ

Адна з гармат, дваццацічатырохфунтовая каранада, сарвалася з ланцугоў.

Нічога горшага не можа здарыцца з ваенным караблём на поўным хаду ў адкрытым моры.

Гармата, разарваўшая свае путы, у такіх умовах адразу робіцца зверам.

Цяжкая махіна бегае на колах, кідаецца ўправа, кідаецца ўлева, як більярдны шар, нахіляецца адначасова з бакавым качаннем, нырае разам з судном пры кілявым, нясецца ўперад, коціцца назад, спыняецца, нібы раздумваючы, потым зноў пускаецца бегчы, стралой праносіцца з аднаго канца судна на другі, падскаквае на месцы, становіцца на дыбкі і зноў імчыцца, круцячыся, коўзаючы, ламаючы, забіваючы і знішчаючы ўсё навакол. Уявіце сабе таран, які б'е ў сцену, як яму ўзбрыдзе ў галаву. Дадайце яшчэ, што таран жалезны, а сцяна драўляная. Асатанелы чурбан скача, як пантэра. З важкасцю слана ў ім злучаецца спрытнасць мышы. Ён выяўляе ўпартасць