Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/310

Гэта старонка была вычытаная

чалавеку на кожнай, прысланіўшыся да лесніцы спіной, як гэта робяць каменшчыкі на пабудовах, калі падымаюць камні на рыштаванні. Такім чынам, на драўлянай лесніцы стварылася чалавечая лесніца. На верхняй ступеньцы стаяў тварам да акна Радуб; галава яго прыходзілася на адным узроўні з падаконнем.

Маленькая армія, хвалюемая самымі рознастайнымі пачуццямі, ціснулася па адхонах абрыва, між кустоў, на плато, ў рове. Частка салдат забралася нават на вышку вежы.

Маркіз зноў знік і праз секунду з'явіўся з дзіцем на руках. Пачуліся дружныя апладысменты.

Маркіз схапіў першага з дзяцей, які яму трапіў пад руку: гэта быў Гро-Алэн. Хлопчык крычаў:

— Я баюся! Баюся!

Маркіз перадаў яго Радубу; Радуб, у сваю чаргу, перадаў стаяўшаму за ім салдату, той — наступнаму і так далей. Пакуль перапалоханы Гро-Алэн, з крыкам пераходзячы з рук у рукі, спускаўся па лесніцы, маркіз прынёс Рэне-Жана. Хлопчык таксама плакаў і ўпарціўся; ён ударыў Радуба, калі маркіз перадаваў яго сержанту ў рукі.

Маркіз зноў знік у ахопленым полымем пакоі. Там заставалася адна Жоржэта. Ён падышоў да яе. Яна ўсміхнулася. І, неспадзявана для самога сябе, гэты суровы чалавек адчуў, што вочы яго робяцца вільготнымі. Ён спытаў яе:

— Як цябе завуць?

— Озета, — адказала яна.

Ён узяў яе на рукі. Яна ўсё ўсміхалася. Цёмная душа старога растаяла перад гэтай шчырай даверлівасцю і, перадаючы дзяўчынку Радубу, ён пацалаваў яе.

— Наша лялечка! Наша дачушка! — крычалі салдаты.