Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/312

Гэта старонка была вычытаная

І Жоржэта, у сваю чаргу пераходзячы зрук у рукі, урачыста спусцілася на зямлю. Усе былі ўзрушаны, пляскалі далонямі, тупалі нагамі. Старыя грэнадзёры плакалі. Жоржэта ім усміхалася.

Маці, задыхаючыся ад радасці, ап'янелая ад нечаканага шчасця, стаяла каля лесніцы з працягнутымі рукамі. Яна прыняла ў абдымкі спачатку Гро-Алэна, потым Рэне-Жана, потым Жоржэту і ўсіх пакрыла пацалункамі, а потым істэрычна зарагатала і павалілася без прытомнасці.

— Выратаваны! Усе выратаваны! — крычалі навакол.

Так, выратаваны былі ўсе, апрача старога. Але ніхто не думаў аб яго выратаванні і менш за ўсіх, магчыма, ён сам.

Ён пастаяў некалькі секунд у раздум'і ля акна. Потым, не спяшаючыся, спакойна, з горда паднятай галавой, пераступіў цераз падаконне і, не азіраючыся на агонь, што бушаваў за ім, стаў моўчкі спускацца па лесніцы, высокі, прамы, горды. Стаяўшыя на лесніцы салдаты збеглі ўніз. Усе глядзелі на гэтага чалавека; усё расступалася перад ім. А ён спакойна, велічна спускаўся ў чакаючую яго цемру. Па меры таго як перад ім адступалі, ён падыходзіў бліжэй і бліжэй. Ні адзін мускул не рухаўся на яго мрамарна-бледным твары; у яго застыўшым позірку не было ні іскры жыцця. З кожным крокам, які набліжаў яго да гэтых людзей, што глядзелі на яго з цемнаты спалоханымі, шырока раскрытымі вачыма, ён як быццам вырастаў. Лесніца дрыжала пад яго цяжкой, цвёрдай ступой.

Як толькі яго нага з ніжняй ступенькі ступіла на зямлю, чыясьці рука лягла яму на плячо.

Ён абярнуўся.

— Я цябе арыштую, — сказаў Сімурдэн.

— Ты правы, — адказаў Лантэнак.