Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/313

Гэта старонка была вычытаная

КНІГА ПЯТАЯ


ПАСЛЯ ПЕРАМОГІ — БАРАЦЬБА

ЛАНТЭНАК УЗЯТЫ

Маркіза павялі.

Падземная цямніца пад ніжнім паверхам вежы была зараз-жа адчынена пад строгім наглядам Сімурдэна. Там паставілі лямпу, кубак з вадой, палажылі скібу салдацкага хлеба, кінулі на падлогу ахапак саломы, і не прайшло і чвэрці гадзіны з той мінуты, калі рука Сімурдэна апусцілася на плячо маркіза, як цяжкія дзверы зачыніліся за ім.

Скончыўшы з гэтай справай, Сімурдэн пайшоў шукаць Говэна. На званіцы дальняй царквы, у Парын'е, у гэтую мінуту прабіла адзінаццаць гадзін. Сімурдэн сказаў Говэну:

— Заўтра збярэцца ваенна-палявы суд. Але ты не будзеш у ліку суддзяў. Ты і Лантэнак — абодва з роду Говэнаў. Ты яму надта блізкі па крыві, каб быць яго суддзёй. У склад суда ўвойдуць трое: адзін афіцэр — капітан Гешан, адзін унтэр-афіцэр — сержант Радуб, і я за старшыню. Усё гэта цябе не тычыцца. Мы будзем дзейнічаць адпаведна дэкрэту Канвента: мы абмяжуемся толькі пасведчаннем асобы былога маркіза дэ-Лантэнака. Заўтра — суд, паслязаўтра — гільятына. Вандэя памерла.