Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/315

Гэта старонка была вычытаная

ў вежу; за гэтым праломам быў ніжні паверх, дзе іх сустрэла барыкада; у гэтым паверсе былі дзверы ў падзямелле, дзе сядзеў маркіз; гэтую цямніцу і ахоўвала варта, што стаяла каля пралому.

І позірк яго мімаволі накіроўваўся ў гэты бок, а ў вушах пахавальным звонам адбіваліся словы: «Заўтра — суд, паслязаўтра — гільятына».

Хоць пажар безупынна, колькі маглі, залівалі вадой, ён спыніўся не адразу і раз-по-раз выкідваў вялікія вогненыя языкі. Мінутамі было чуваць, як трашчалі гарэўшыя балкі, а калі на якім-небудзь паверсе правальвалася падлога або столь, іскры віхрам разляталіся ва ўсе бакі; усё навакол, нібы маланкай, асвятлялася да дальняга гарызонта, і гіганцкі цень ад вежы выцягваўся да самага лесу.

Говэн ціхімі крокамі хадзіў узад і ўперад па лузе, каля пралому, дзе стаяла варта. Часам ён падымаў рукі і, сашчапіўшы пальцы, закладваў за галаву, прыкрытую капюшонам. Ён разважаў.

РАЗДУМ'Е ГОВЭНА

Цяжкое было яго раздум'е. На яго вачах адбылася незвычайная перамена.

Маркіз дэ-Лантэнак змяніўся.

Говэн прысутнічаў пры гэтым.

Ніколі ён не паверыў-бы, што ход падзей, нават самых незвычайных, можа прывесці да такіх вынікаў. Ён і не сніў, што можа здарыцца нешта падобнае.

Што-ж ён думаў пра ўсё гэта?

Перад ім было пастаўлена пытанне, ад якога ён нікуды не мог уцячы.

Пастаўлена кім?

Падзеямі. І не аднымі толькі падзеямі.