Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/316

Гэта старонка была вычытаная

Говэн вытрымліваў допыт.

Ён стаяў перад грозным суддзёй.

Гэта было яго сумленне.

Ён адчуваў, што ўсё ў ім вагаецца. Самыя цвёрдыя яго пераконанні, самыя нязменныя рашэнні — усё пахіснулася.

Чым больш ён удумваўся ў тое, чаму толькі што быў сведкам, тым больш прыходзіў у замяшанне.

Ён не мог зняць з сябе адказнасці за тое, што павінна было адбыцца. Факт быў надзвычайнай важнасці, і ён, Говэн, быў адным з удзельнікаў яго. Ён не мог адмахнуцца ад яго і, колькі-б ні казаў яму Сімурдэн: «Гэта цябе не тычыцца», ён адчуваў нешта, падобнае на тое, што павінна адчуваць дрэва, калі яго адрываюць ад кораня.

Ён сціскаў галаву абодвума рукамі, нібы хацеў выціснуць з яе ісціну.

Уясніць становішча было нялёгка.

Нічога не можа быць цяжэйшым, як задача спрасціць складанае.

Каму не здаралася ў рашаючыя моманты жыцця даваць справаздачу перад сваім сумленнем, пытаць сябе, які шлях выбраць: ці ісці ўперад, ці вяртацца назад?

Говэн толькі што прысутнічаў пры цудзе. Жорсткае сэрца было пераможана.

Перад Говэнам быў чалавек, якога ён лічыў эгаістам і дэспатам; у ім было ўсё, што толькі можа быць дрэннага ў чалавечай душы: жорсткасць, заблуджэнне, злосная ўпартасць, ганарыстасць, эгаізм. І з гэтым чалавекам адбыўся цуд.

Говэн быў сведкам перамогі чалавечнасці над чалавекам. Людскасць пакарыла нялюдскасць.