Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/317

Гэта старонка была вычытаная

Тры маленькія, толькі што паспеўшыя нарадзіцца, несвядомыя істоты, трое сіротак, закінутых, адзінокіх, умеючых толькі лепятаць ды ўсміхацца, маючы супроць сябе грамадзянскую вайну, усеагульную рэзаніну, братазабойствы, застарэлую саслоўную нязгоду, прагнасць помствы, — гэтыя тры стварэнні перамаглі. Подлы падпал, які павінен быў прывесці да нечуванага злачынства, не дасягнуў сваёй мэты; дзікі замысел не здзейсніўся.

Говэн разважаў.

Маркіз дэ-Лантэнак, асуджаны, пастаўлены па-за законам, прыціснуты да сцяны, сціснуты, як цвік абцугамі, зацкаваны, як звер у цырку, загнаны ў сваё логава, якое зрабілася яго турмой, абкружаны жалезным і вогненым колам, здолеў уцячы. Так. Гэты цуд удаўся яму. Ён зрабіў выдатны ваенны манеўр, самы цяжкі ў такога рода вайне: ён уцёк. Ён вярнуўся ў лясы, дзе можна было хавацца; ён знік у цемры. Перад ім была знаёмая краіна, дзе ён лёгка мог зноў распачаць барацьбу; ён мог зноў зрабіцца той грознай, цёмнай сілай, тым вандроўным злым духам, правадыром нябачных істотаў, начальнікам падземных байцоў, гаспадаром лясоў, які на ўсіх наводзіў такі жах. Перамога была на баку Говэна, але Лантэнак вярнуў сабе волю. Лантэнак выратаваўся ад небяспекі, перад ім зноў адкрылася бязмежнае поле дзейнасці; у яго быў невычарпальны выбар прытулкаў. Ён зноў быў няўлоўны, недасяжны, недаступны. Леў трапіў у пастку і вырваўся на волю.

І вось ён вярнуўся ў пастку.

Добраахвотна, па ўласнаму жаданню, маркіз дэ-Лантэнак вышаў з свайго сховішча, адмовіўся ад волі і пайшоў насустрач пэўнай смерці, спачатку кінуўшыся ў пекла пажару і рызыкуючы жыўцом згарэць, затым