Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/32

Гэта старонка была вычытаная

сякеры, што дзяўбе ў адно месца, ашаламляе раптоўнасцю налятаючага шквала, нібы як удар маланкі. Ён важыць дзесяць тысяч фунтаў, а скача, як дзіцячы мячык. То раптам закружыцца на месцы, то адразу паверне ўбок. Што можна тут зрабіць? Як спыніць гэтыя дзікія скокі? Бура нарэшце спыніцца, цыклон пранясецца, вецер сціхне, зламаную мачту заменяць новай, цечу можна затрымаць, пажар пагасіць. Але як усмірыць гэтага вялізнага бронзавага звера? Як да яго даступіцца? Супроць гарматы, якая сарвалася, няма ніякіх спосабаў абароны. Падлога пад ёй гойдаецца, і яна гойдаецца разам з падлогай. Карабль рухаецца і штурхае яе, як хваля штурхае карабль і як хвалю гоніць вецер. Як змагацца з гэтым кругаваротам? Як уціхамірыць гэты страшны механізм, які пагражае крушэннем? Як угадаць кірунак яе бегу — усе гэтыя падскокі, павароты, прыпынкі, удары?

Кожны такі ўдар у сценкі карабля можа пусціць яго на дно. Як папярэдзіць няшчасце? Тут-жа маеш справу з кідальным знарадам, які нібы жыве свядомым жыццём; ён то прыпыняецца, нібы нешта абмяркоўваючы, то раптам мяняе кірунак і ўвільвае ад вас. Страшная гармата вар'юе, ляціць наперад, пасоўваецца назад, б'е ўсё, што трапіцца ёй на шляху, і раптам кідаецца бегчы, праносіцца міма вас, блытаючы ўсё вашы меркаванні, ламае перашкоды, душыць людзей, як мух. Уся жудасць становішча ў тым, што падлога пад вамі хістаецца. Якім чынам весці барацьбу на пакатай паверхні, якая пры гэтым безупынна змяняе нахіл?

У адзін момант уся каманда карвета была на нагах.

Вінаваты ў здарэнні быў кананір, які слаба закруціў гайку ланцуга і не падклаў тармазоў пад колы каранады, у выніку чаго падушка яе ёрзалася ў раме,