Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/320

Гэта старонка была вычытаная

апору: у яе хочуць адабраць акіян. На гэтым акіяне, праўда, ёсць яшчэ Англія, але Англія не ведае, як ёй дабрацца да французскіх берагоў. Затое ёсць чалавек, які працягне ёй руку, які перакіне мост цераз акіян і скажа Піту і ўсім гэтым піратам: «Ідзіце да нас, калі ласка!», які крыкне Англіі: «Вось Францыя: бяры яе!» І гэты чалавек — маркіз дэ-Лантэнак.

Чалавек гэты ў іхніх руках. Тры месяцы палявалі на яго, і пасля трохмесячнага ўпартага праследвання яго, нарэшце, злавілі. Рука рэволюцыі лягла, нарэшце, на плячо праклятага зладзея; сціснуты кулак дзевяноста трэцяга года трымае за карак забойцу-раяліста. Ён чакае сваёй кары ў каменным мяшку свайго фамільнага маёнтка. Камні яго ўласнага замка паўсталі супроць яго: яны моцна трымаюць яго, і той, хто збіраўся здрадзіць сваёй радзіме, цяпер выданы сваім домам.

Час расплаты прышоў. Рэволюцыя ўзяла ў палон ворага народу; ён больш не можа ваяваць, не можа змагацца, не можа шкодзіць. У Вандэі было шмат рук, але мозг быў адзін. Яго знішчэнне азначае спыненне грамадзянскай вайны.

Няўжо знойдзецца хто-небудзь, хто захоча выратаваць яго?

Сімурдэн, гэта значыць дзевяноста трэці год, трымае ў цісках Лантэнака, або манархію, і раптам знойдзецца чалавек, які вырве з гэтых жалезных ціскоў гэткую здабычу! Лантэнак, увасабленне ўсіх жахаў, агульная назва якім — мінулае, маркіз дэ-Лантэнак у магіле; важкія дзверы вечнасці зачыніліся над ім, і раптам нехта адчыніць іх! Дзяржаўны злачынца памёр, і з ім прышоў канец мецяжу, усобіцам, братазгубнай, зверскай вайне, і нехта раптам надумаецца яго ўваскрасіць!

О, як зарагоча гэта мёртвая галава!