Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/322

Гэта старонка была вычытаная

ства, ён разбурыў яго. Ён не застаўся страшыдлам да канца — вось і ўся яго заслуга.

І за такую дробязь дараваць яму ўсё? Вярнуць яму паветра, святло дня, прасторы палёў, даліны і лясы, якія ён скарыстае для разбою, і жыццё, якое ён прысвеціць на тое, каб сеяць вакол сябе смерць?

Спрабаваць-жа прыйсці з ім да згоды, паспрабаваць пераканаць яго, прапанаваць яму волю на пэўных умовах, спытаць яго, ці згодзен ён адмовіцца надалей ад мецяжа і ад усіх варожых выступленняў, — якою гэта было-б памылкай! Якога козыра дала-б яму ў рукі такая спроба! З якой пагардай ён сустрэў-бы яе! З'якой насмешкай адказаў-бы на падобнае пытанне: «Ганьбу пакіньце сабе, забіце мяне».

Не, такога чалавека можна было толькі або забіць, або вызваліць!

Забіць яго? Які жах! Вызваліць яго? Якая адказнасць!

Выратаваць Лантэнака азначае зноў пачаць вайну з Вандэяй, з гідрай, у якой яшчэ цэлая галава. У адзін міг, з хуткасцю метэора, полымя пажару, якое згасла пасля знікнення гэтага чалавека, разгарыцца зноў. Ён не супакоіцца, пакуль не выканае свой подлы план, пакуль не прыстукне, як труну крышкай, Рэспубліку манархіяй і Францыю Англіяй. Выратаваць Лантэнака значыць афяраваць Францыю. Жыццё Лантэнака — гэта смерць тысяч ні ў чым не вінаватых людзей — мужчын, дзяцей і жанчын, гэта аднаўленне братазгубнай вайны, гэта высадка англічан, зваротны ход рэволюцыі, разгром гарадоў, залітая крывёю Брэтань, гаруючы народ, кінутая на разадранне каршуну здабыча.

А потым пытанне зноў вярталася ў першапачатковым сваім выглядзе: ці праўда, што Лантэнак тыгр?