Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/323

Гэта старонка была вычытаная

Можа ён быў тыграм, але цяпер?.. Думкі Говэна кружыліся на адным месцы.

Лантэнак паказаў сябе чалавекам незвычайным.

Цяпер чарга была за Говэнам. Чым ён адкажа на такі выклік? Што ён зробіць?

І ён паўтараў у думках: «Я выратую Лантэнака!»

«Добра! — сказаў у душы яго другі голас. — Ідзі дапамагай англічанам. Будзь дэзертырам. Ратуй Лантэнака і аддавай ворагам Францыю».

Гэты голас прымусіў яго дрыжаць. «Ты не можаш нічога вырашыць, лятуценнік!» — казаў ён сабе.

Говэн вагаўся. Гэта была сапраўдная пакута.

Ён павінен быў загубіць Лантэнака або выратаваць яго. Трэба было вырашыць гэта.

У якое з гэтых двух бяздонняў штурхаў яго абавязак?

ПЛАШЧ КАМАНДЗІРА

Надышла поўнач, потым гадзіна ночы. Говэн сам не заўважыў, як апынуўся за некалькі крокаў ад пралому.

Пажар, згасаючы, кідаў навакол толькі слабае, рассеянае святло.

Водбліск дагараўшага полымя падаў на плато, па другі бок вежы, і яно то выступала з цемры, то зноў хавалася ў ёй. Чаргаванне раптоўнага асвятлення і цемры надавала ўсім прадметам ненатуральную велічыню. Говэн, ахоплены сваімі думкамі, несвядома сачыў за барацьбой між агнём і дымам.

Раптам між двума клубамі дыму вылецеўшая з вогнішча галаўня ярка асвятліла вяршыню плато, і перад Говэнам мільгануў чырвоны сілуэт павозкі. Ён пачаў