Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/325

Гэта старонка была вычытаная

углядацца. Павозку ахоўвалі коннікі ў форменых трохкутных капелюшах. Яму здалося, што гэта тая самая павозка, якую яны з Гешанам бачылі здалёк у падзорную трубу некалькі гадзін назад, перад захадам сонца. На павозцы капашыліся людзі, мабыць разгружалі яе. Яны здымалі з яе, відаць, нешта цяжкое, якое часам вылучала металёвы гук. На такой адлегласці трудна было разгледзець, што гэта такое. Яно падобна было на драўляны зруб. Два чалавекі знялі і паставілі на зямлю скрыню, у якой, мяркуючы па яе форме, быў нейкі трохкутны прадмет. Галаўня згасла, зноў зрабілася цёмна. Говэн задумліва глядзеў на скрыню, спрабуючы здагадацца, што такое магло там быць.

На плато запаліліся ліхтары, замільгалі нейкія цені, Говэну, які стаяў унізе і па другі бок рова, відаць быў толькі бераг пляцоўкі над ровам. Чутны былі галасы, але слоў нельга было разабраць. Даляталі часам удары, падобныя на ўдары сякеры па дрэву. Даносіўся нейкі металёвы гук, нібы нехта вастрыў касу.

Прабіла дзве гадзіны. Ціхімі, нерашучымі крокамі, як быццам нехаця, накіраваўся Говэн да пралому. Калі ён падышоў да яго, вартавы, разгледзеўшы ў поўзмроку абшыты галуном плашч камандзіра, аддаў яму чэсць. Говэн увайшоў у ніжні зал вежы, якая цяпер служыла кардэгардыяй. На столі вісеў ліхтар. Ён асвятляў зал роўна настолькі, каб можна было прайсці, не наступаючы на параскіданыя целы вартавых, якія паляглі на саломе па ўсёй падлозе.

Людзі ляжалі на тым самым месцы, дзе за некалькі гадзін перад тым біліся з ворагам. На кавалках чыгуну і свінца ад карцечы, рассыпаных па ўсёй падлозе, ляжаць было нязручна, але людзі так змарыліся, што гэта не перашкаджала ім спаць. Гэты зал толькі што быў сведкай жудасных сцэн. Тут