Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/327

Гэта старонка была вычытаная

КНІГА ШОСТАЯ


ФЕАДАЛІЗМ І РЭВОЛЮЦЫЯ

ПРОДАК

На каменнай падлозе верхняй камеры падзямелля, каля квадратнай адтуліны ў ніжнюю камеру, гарэў ліхтар; тут-жа стаяў кубак з вадой і ляжала скіба хлеба. На падлогу быў кінуты ахапак саломы. Гэтая цямніца была высечана ў скале, і каб вязню прышла фантазія падпаліць салому, яго праца прапала-б дарэмна: цямніца не загарэлася-б, а сам ён немінуча задушыўся-б ад дыму.

У тую мінуту, калі дзверы павярнуліся на завесах, маркіз хадзіў па камеры з кута ў кут, як дзікі звер, пасаджаны ў клетку.

На скрып адчыненай дзверы ён падняў галаву, і ліхтар, што стаяў паміж ім і Говэнам, асвятліў твары абодвух. Маркіз зарагатаў.

— Добры дзень, віконт. Даўно ўжо я не меў шчасця вас бачыць. Вы былі такімі ласкавымі, што пажадалі наведаць мяне? Дзякую. Вельмі рады пагутарыць з вамі, — мне зрабілася трохі нудна. Вашы сябры дарма марнуюць час. Усе гэтыя пасведчанні асобы, ваеннапалявыя суды і іншыя цырамоніі — толькі лішняя маруда. Я на іх месцы адразу прыступіў-бы да справы. Я тут у сябе. Калі ласка, заходзьце. Што вы скажаце аб тым, што цяпер адбываецца? Праўда, арыгінальна?