Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/328

Гэта старонка была вычытаная

Жылі-былі калісьці кароль і каралева. Кароль быў кароль, а каралева была Францыя. І вось каралю адрубілі галаву, а каралеву выдалі замуж за Робесп'ера. У гэтага пана і ў гэтай дамы нарадзілася дачка па імю Гільятына, з якой, відаць, мне прыдзецца пазнаёміцца заўтра раніцою. Я гэтаму рад. Рад і таму, што бачу вас тут. Ці не затым вы з'явіліся, каб прадставіць мяне ёй? Можа вам далі вышэйшы чын — прызначылі катам? Не? Калі гэта проста сяброўскі візіт — я расчулены. Аднак, чаго-ж вы стаіцё? Калі ласка, сядайце. Праўда, сядзець прыдзецца на падлозе, бо ў гэтай гасцінай няма крэслаў, але хто жыве ў брудзе, той можа пасядзець і на падлозе. Я кажу гэта не для таго, каб вас абразіць: мы-ж называем брудам тое, што вы называеце народам. Спадзяюся, вы не будзеце вымагаць, каб я крычаў: «Свабода! Роўнасць! Братэрства!» Памяшканне, у якім вы мяне бачыце, старадаўні пакой майго дома. Калісьці паны саджалі сюды мужыкоў; цяпер мужыкі саджаюць сюды паноў. Гэтая недарэчнасць завецца рэволюцыяй. Гадзін праз трыццаць шэсць мне адрэжуць галаву. Гэта яшчэ-б нішто, але без табаку вельмі дрэнна. Было-б вельмі ласкава з вашага боку, каб вы паслалі па маю табакерку: я забыўся яе наверсе, у люстэрнай, дзе калісьці вы гулялі дзіцем і скакалі ў мяне на каленях… Мне хочацца, віконт, сказаць вам адну рэч; для вас гэта будзе навіной. Ваша імя — Говэн, і, як яно ні дзіўна, у вашых жылах цячэ шляхетная кроў, тая-ж, што і ў маіх. Гэтая кроў зрабіла з мяне благароднага чалавека, а з вас нягодніка. Вы скажаце мне, што гэта не ваша віна, але і не мая. Бываюць злачынцы несвядомыя. Усё залежыць ад таго, якім паветрам дыхае чалавек. У такія часы, як наш, ніхто не адказвае за свае ўчынкі. Балаўніца рэволюцыя гуляе ўсімі намі, і ўсе нашы вялікія злачынцы