Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/329

Гэта старонка была вычытаная

па сутнасці вялікія прасцякі. Пачаць хоць з вас. Нельга не захапляцца вамі. Нельга не цешыцца з маладога чалавека з паважанай сям'і, які, займаючы высокае становішча ў грамадстве, маючы мажлівасць праліць сваю шляхетную кроў за вялікую справу, будучы віконтам гэтага самага замка Тур-Говэн, будучы прынцам Брэтонскім з перспектывай зрабіцца герцагам і атрымаць званне пэра Францыі, гэта значыць маючы бадай усё, чаго можа пажадаць на зямлі разумны чалавек, — лічыць за лепшае зрабіцца тым, кім вы зрабіліся, і дамагаецца таго, што ворагі глядзяць на яго, як на зладзея, а прыяцелі лічаць яго дурнем. Дарэчы: перадайце маё прывітанне пану абату Сімурдэну.

Маркіз гаварыў проста, спакойна, нічога не падкрэсліваючы, тонам сяброўскай гутаркі, гледзячы на Говэна вясёлымі, яснымі вачыма і залажыўшы вялікія пальцы рук у кішэні жылета. Ён прыпыніўся, перавёў дух і прадаўжаў:

— Кажу шчыра, я хацеў вас забіць; я зрабіў для гэтага ўсё, што залежала ад мяне. Тры разы я ўласнымі рукамі наводзіў на вас гармату. Гэта недалікатна — прызнаюся, але дзіўна было-б чакаць, што вораг у час вайны будзе паказваць далікатнасць. А мы з вамі ваюем, пан мой пляменнік. Навакол усё заліта крывёю і пажарам. Забілі караля. Добрыя парадкі!

Ён зноў памаўчаў, потым пачаў гаварыць у тым-жа тоне:

— І як падумаеш, што нічога гэтага не было-б, каб павесілі Вольтэра і саслалі на галеры Русо[1]! Ах, гэтыя разумныя людзі, якое гэта вялікае зло! Палілі іх творы, замест таго каб спаліць саміх аўтароў. А ўсяму прычына — пісакі ды вершаплёты. Ужо-ж я распра-

  1. Вольтэр і Русо — славутыя філосафы, ідэйныя папярэднікі Французскай буржуазнай рэволюцыі.