Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/33

Гэта старонка была вычытаная

расхістваючы абедзве пляцоўкі, пакуль, нарэшце, не саскочыў гарматны брук[1]. А тут яшчэ парваўся канат, і гармата ўжо слаба трымалася на лафеце. Нерухомы гарматны брук, які перашкаджае адкату гарматы, у той час яшчэ не ўжываўся. Вялікая хваля ўдарыла ў пушачны порт, слаба прымацаваная каранада адкацілася, парвала ланцуг і ўсёй сваёй важкай масай пачала кідацца між дэкамі. У той момант, калі парваўся ланцуг, усе кананіры былі ля батарэі. Каранада, адкінутая кілевым нахілам удоўж палубы, урэзалася ў гурток людзей і адразу раздушыла чатырох, потым, падхопленая бакавым нахілам, раптам завярнулася ўбок, разрэзала папалам пятага, стукнулася аб левы борт і збіла з лафета другую гармату.

Тады і вырваўся той жудасны крык, які пачулі наверсе. Усе, хто быў на сярэдняй палубе, кінуліся к трапу. Памяшканне батарэі адразу апусцела.

Вялізная гармата засталася адна. Цяпер яна магла распараджацца сабой і гаспадарыць на судне. Яна магла зрабіць з ім усё, што хацела. Усе гэтыя людзі, загартаваныя ў бойках, якія смяяліся ў часе іх, цяпер дрыжалі.

Жах ахапіў усіх.

Капітан Буабертло і памочнік капітана Ла-В'ёвіль, абодва адважныя людзі, стаялі над трапам і глядзелі ўніз, бледныя, маўклівыя, не ведаючы, што рабіць. Нехта адсунуў іх і сышоў уніз.

Гэта быў іхні пасажыр, брэтонскі селянін, чалавек, аб якім яны за хвіліну перад тым гаварылі.

Спусціўшыся з трапа, ён спыніўся і стаў глядзець.

  1. Брук — канат, які не дае гармаце адкаціцца пасля стрэлу. Цяпер брук не ўжываецца.