Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/330

Гэта старонка была вычытаная

віўся-б з гэтымі пэцкалямі паперы! Мы ў нашы часы ўмелі рабіць суд і расправу. Вось у гэтым самым пакоі чвэрткавалі людзей; на сцяне нават засталіся сляды ад колаў. Мы не любілі жартаваць. Не, не, не трэба пісак! Пакуль будуць Вольтэры, будуць і Мараты. Пакуль будуць пэцкалі паперы, будуць і забойцы. Пакуль будзе чарніла, будзе чорна. Пакуль чалавек не забудзецца трымаць у руцэ пяро, дурата і брыдота будуць ствараць бяссэнсную жорсткасць. Кнігі ствараюць злачынствы. Як могуць людзі цешыцца з падобнага глупства? Ну, што вы нам гаворыце пра ўсе гэтыя правы? Правы чалавека! Правы народу! Адна фантазія, пустыя словы, паўнейшая бязглуздзіца. Вашы нягоднікі, вашы галадранцы — што называюць яны правам? Богазабойства і царазабойства. Ці-ж гэта не агідства? Мне за вас крыўдна, паважаны віконт. Вы належыце да старадаўняга брэтонскага роду; у нас з вамі агульны прадзед Говэн-дэ-Туар. А вы маеце гонар быць ідыётам і за шчасце лічыце быць роўнапраўным з маім конюхам. Я быў ужо стары, калі вы былі хлапчуком; я выціраў вам нос, ды і цяпер вытру. Вы хоць і выраслі, а засталіся хлапчанём; з таго часу, як мы з вамі не бачыліся, нашы дарогі разышліся: я пайшоў шляхам гонару, вы шляхам супроцьлеглым… Я не ведаю, чым усё гэта скончыцца, але ведаю, што панове вашы сябры — паганыя нягоднікі. Яны ганарацца сваімі ўчынкамі. Ды як ім не ганарыцца? Прагрэс выдатнейшы! У нас у арміі за п'янства каралі вадой: вінаваты салдат павінен быў тры дні падрад выпіваць перад фронтам па штофу вады. Гэтую кару вы скасавалі. Вы знішчылі ўсё мінулае, пачынаючы з Бастыліі і канчаючы календаром, дзе вы замянілі святых гароднінай. Вельмі добра, панове грамадзяне! Пануйце, гаспадарце ва Францыі, распараджайцеся, не