Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/331

Гэта старонка была вычытаная

саромцеся, будзьце як дома. Вы знішчалі, разбівалі, ламалі ўсё, як дзікуны або звяры. Вам не патрэбна дваранства? Ну, што-ж, у вас яго больш не будзе, і вы яшчэ паплачаце па ім. Не будзе больш у вас рыцараў і герояў. Бывай, веліч Францыі!

Пасля мінутнай паўзы дадаў:

— Забівайце каралёў, забівайце дваран, забівайце духавенства, знішчайце, разбурайце, руйнуйце, тапчыце нагамі старыя законы, старыя традыцыі, старыя звычаі; ламайце прастолы, апаганьвайце алтары, касуйце бога і скакайце на руінах — гэта ваша справа. Вы — здраднікі і трусы, няздольныя на геройства, на самаафярнасць. Я сказаў усё. Цяпер адпраўляйце мяне на гільятыну, пан віконт. Маю гонар кланяцца.

І ён дадаў:

— Я нагаварыў вам многа горкіх ісцін. Але чаго мне баяцца? Я мёртвы.

— Вы вольны, — сказаў Говэн.

Ён падышоў да маркіза, зняў з сябе плашч, накінуў яго на плечы Лантэнака і спусціў яму на вочы капюшон. Яны былі аднолькавага росту.

— Што ты робіш? — сказаў маркіз.

Говэн, не адказваючы яму, крыкнуў:

— Паручык, адчыніце!

Дзверы адчыніліся.

— Зачыніце за мной! — зноў крыкнуў Говэн і выштурхнуў за парог ашаломленага маркіза.

Ніжні зал вежы, дзе змяшчалася кардэгардыя, асвятляўся адзіным ліхтаром, які даваў вельмі мала святла. Пры гэтым слабым асвятленні тыя з салдат, што не спалі, бачылі, як міма іх прайшоў чалавек высокага росту ў камандзірскім, абшытым галуном, плашчы з капюшонам. Яны аддалі яму чэсць, і ён знік за дзвермі.