Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/332

Гэта старонка была вычытаная

Маркіз, не спяшаючыся, прайшоў ўсю кардэгардыю, пралез пралом, некалькі разоў стукнуўшыся галавой аб выступы каменняў, і вышаў з вежы. Вартавы прыняў яго за Говэна і выцягнуўся ва фронт.

Калі маркіз апынуўся на волі, адчуў у сябе пад нагамі лугавую траву, калі ён убачыў за дзвесце крокаў перад сабой ускрай лесу і прастору палёў і зразумеў, што там, у лесе, яго чакае воля, жыццё, — ён спыніўся. Але пасля мінутнага раздум'я ён падняў правую руку, пстрыкнуў пальцамі і, прамармытаўшы «ну, што-ж», пайшоў далей.

Дзверы падзямелля зачыніліся. За дзвярыма застаўся Говэн.

ВАЕННЫ СУД

Месцам паседжання ваеннага суда Сімурдэн выбраў той самы ніжні зал у вежы, дзе перад штурмам была зроблена барыкада і дзе потым зрабілі кардэгардыю. Сімурдэн стаяў за спрашчэнне ўсёй працэдуры і хацеў скараціць дарогу ад турмы да суда і ад суда да зшафота.

Роўна а поўдні, згодна яго распараджэнню, суд гатоў быў прыступіць да слухання справы. На сасновым стале стаялі дзве запаленыя свечкі; з аднаго боку стала — тры саламяныя крэслы, з другога — табурэт.

Крэслы прызначаліся для суддзяў, табурэт для падсуднага. Былі яшчэ два табурэты па канцах стала: адзін для пракурора, абавязкі якога павінен быў выконваць палкавы фур'ер, другі для сакратара, якім прызначылі аднаго з капралаў.

На стале стаялі дзве чарнільніцы і ляжалі кавалак чырвонага сургучу, медная пячатка, кіпа чыстых аркушоў паперы і два разгорнутыя друкаваныя плакаты: