Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/333

Гэта старонка была вычытаная

адзін — спіс асоб, абвешчаных па-за законам, другі — дэкрэт Канвента.

За сярэднім крэслам было пастаўлена некалькі трохкаляровых сцягаў. У тыя часы грубай прастаты ўстаноўка дэкарацый была справай няхітрай, і патрабавалася вельмі нямнога часу, каб ператварыць кардэгардыю ў зал суда.

Сярэдняе крэсла, прызначанае для старшыні, стаяла прама супроць дзвярэй у падзямелле. Па баках дзвярэй стаялі два канваіры. Публіку складалі салдаты.

На сярэднім крэсле сядзеў Сімурдэн; па правую яго руку — старшы член суда капітан Гешан; па левую — малодшы, сержант Радуб.

Сімурдэн быў убраны ў форму: капялюш з трохкаляровай какардай, збоку шабля, за поясам два пісталеты. Яркачырвоны шрам ад удару шаблі рабіў страшным яго суровы твар.

Радуб дазволіў, нарэшце, зрабіць сабе перавязку. Галава яго была завінута белай хусткай, на якой, паволі шырачыся, выступала крывавая пляма.

Паседжанне суда яшчэ не пачалося. Ля стала перад суддзямі стаяў веставы, і было чуваць, як каля ўваходу ў вежу нецярпліва тупаў капытамі яго конь. Сімурдэн пісаў наступнае данясенне:

„Грамадзяне члены Камітэта грамадскага ратавання.
Лантэнак узяты і заўтра будзе пакараны смерцю“.

Ён паставіў дату, падпісаўся, склаў і запячатаў дэпешу і перадаў яе веставому. Той вышаў, сеў на каня і паскакаў.

Тады Сімурдэн загадаў гучным голасам:

— Адчыніце камеру!

Канваіры адсунулі засаўкі, адчынілі дзверы і схаваліся за ёй.