Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/337

Гэта старонка была вычытаная

— Які прыклад?

— Прысудзіце мяне да смерці.

— Вы лічыце, што гэта будзе справядліва?

— Не толькі справядліва, але і неабходна.

— Сядайце.

Фур'ер — пракурор — устаў і прачытаў спачатку пасстанову, якая абвяшчала па-за законам былога маркіза дэ-Лантэнака, затым дэкрэт Канвента, якім прызначалася кара смерцю таму, хто будзе садзейнічаць уцяканню палоннага мяцежніка. Прачытаў ён і тыя некалькі радкоў на друкаваным плакаце, дзе «пад пагрозай смерцю» забаранялася «даваць падтрымку ці садзейнічанне вышэйпамянёнаму мяцежніку» і пад якімі быў подпіс:

„Камандуючы экспедыцыйным атрадам Говэн“.

Скончыўшы чытанне, пракурор зноў сеў.

Сімурдэн скрыжаваў рукі і сказаў:

— Падсудны, слухайце ўважліва. Старонніх прашу не шумець і не рабіць ніякіх заўваг. Усе абавязаны з пашанай ставіцца да закону. Мы прыступаем да галасавання. Прыгавар будзе пастаўлены простай большасцю галасоў. Кожны з суддзяў выкажа сваю думку голасна, у прысутнасці абвінавачанага, бо правасуддзю няма чаго хаваць. — Крыху памаўчаўшы, ён дадаў: — Слова мае старшы суддзя. Капітан Гешан, гаварыце.

Капітан Гешан, здавалася, не бачыў ні Сімурдэна, ні Говэна. Яго вочы з выразам застылага жаху глядзелі з-пад апушчаных павекаў на разгорнуты плакат дэкрэта, нібы перад ім была бяздонная прорва, у якую ён павінен быў кінуцца ўніз галавой.

— Закон ясны, — прагаварыў ён глухім голасам. — Суддзя і вышэйшы і ніжэйшы за звычайнага чалавека: ніжэй таму, што ў яго няма — і не павінна быць — сэрца;