Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/338

Гэта старонка была вычытаная

вышэй таму, што ў руцэ яго меч. У чатырыста чатырнаццатым годзе да нараджэння Хрыста рымлянін Манлій пакараў смерцю свайго сына за тое, што той перамог ворага, не запытаўшыся яго дазволу. Парушэнне дысцыпліны патрабавала кары. У даным-жа выпадку мы бачым парушэнне закона, а закон вышэй за дысцыпліну. З-за міласэрддзя да чалавека абвінавачаны прыцягнуў небяспеку для бацькаўшыны. Міласэрддзе часам бывае злачынствам. Камандзір Говэн дапамог уцячы мяцежніку Лантэнаку. Говэн вінаваты. Я падаю голас за кару смерцю.

— Сакратар, запішыце, — сказаў Сімурдэн.

Сакратар запісаў:

„Капітан Гешан: за кару смерцю“.

Говэн сказаў:

— Гешан, ваша рашэнне правільнае. Дзякую.

— Слова мае малодшы суддзя, — сказаў Сімурдэн. — Сержант Радуб, гаварыце.

Радуб устаў, павярнуўся ў бок падсуднага і аддаў яму чэсць. Потым усклікнуў:

— У такім выпадку гільятынуйце і мяне, бо я, клянуся богам, дорага даў-бы, каб зрабіць спачатку тое, што зрабіў стары, а потым тое, што зрабіў наш камандзір. Калі я ўбачыў, як гэты васьмідзесяцігадовы чалавек кінуўся ў агонь ратаваць трох дзяцей, я падумаў: «Дружа, ты малайчына!» І калі я даведаўся, што камандзір дапамог старому выкруціцца ад вашай подлай гільятыны — хай яна будзе проклятая! — я сказаў сабе: «За гэта камандзіра трэба зрабіць генералам; ён — сапраўдны чалавек». Я, чорт мяне вазьмі, узнагародзіў-бы яго крыжам святога Людовіка, каб у нас яшчэ былі крыжы і святыя. Што-ж гэта сапраўды? На працягу цэлых чатырох месяцаў камандзір Говэн гоніць