Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/339

Гэта старонка была вычытаная

перад сабой гэтых бунтароў-раялістаў, як баранаў, і з шабляй у руцэ абараняе Рэспубліку, рызыкуючы сваім жыццём. Гэта-ж толькі дзякуючы яму выйграна справа пад Долем. На такую справу трэба было палажыць нямала розуму, а вы, маючы такі скарб, такога чалавека, стараецеся пазбавіцца яго! Замест таго каб даць яму чын генерала, вы хочаце адсячы яму галаву! Ды гэта-ж вар'яцтва! Гэта ўсёроўна, што кінуцца ўніз галавой з Новага моста… Ды і вы добры, грамадзянін Говэн! Каб вы былі не камандзірам маім, а капралам у маім батальёне, я сказаў-бы вам, што вы толькі што нагаварылі несусветнай бязглуздзіцы. Стары выратаваў дзяцей і зрабіў добра; і вы добра зрабілі, што выратавалі старога; і калі людзей пачнуць караць смерцю за такія ўчынкі, хай усё ляціць к чарцям! Я зусім адмаўляюся зразумець тут што-небудзь… Куды гэта прывядзе? Я нічога не разумею… У такім разе можа ўсё гэта не так? Можа мне толькі так здалося? Хіба паспрабаваць шчыпнуць сябе, каб пераканацца, ці сплю я, ці бачу ўсё гэта ў сапраўднасці? Нічога не разумею. Значыцца, трэба было, каб стары дапусціў згарэць дзецям жыўцом і каб наш камандзір дазволіў адсячы галаву старому? Не, не магу! Адпраўляйце мяне на гільятыну. Лепш ужо гэта… Ды вы зразумейце: гэта-ж каб дзеці загінулі, то была-б ганьба для ўсяго батальёна Чырвонай Шапкі. Тады давайце лепш адкрыта есці адзін аднаго… Я таксама сёе-тое кумекаю ў палітыцы: я быў членам клуба секцыі Пік. Чэснае слова, мы ператвараемся ў нейкае быдла. Я кажу тое, што думаю: не падабаюцца мне такія справы, ад якіх розум за розум заходзіць і перастаеш разумець, на чым ты стаіш — на галаве ці на нагах? На якога чорта мы падстаўлялі лоб пад кулі? Каб у нас аднялі нашага камандзіра і забілі яго на нашых вачах?