Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/34

Гэта старонка была вычытаная

СІЛА І МУЖНАСЦЬ

А гармата ўсё насілася між дэкамі. Яна падбіла ўжо чатыры гарматы і зрабіла дзве прабоіны ў борце, на шчасце, вышэй ватэрлініі, але небяспечныя ў час шквала. Яна шалёна налятала на бімсы карвета. Шканцы, вельмі моцныя, яшчэ трымаліся, бо гнутае дрэва мае асаблівую моцнасць, але чутно было, як яны трашчалі пад ударамі гіганцкага тарана, які біў ва ўсе бакі разам. Чатыры колы цяжкага лафета штохвілінна перакачваліся па целах забітых людзей, крышылі іх, і хутка пяць трупаў ператварыліся ў дваццаць бясформеных кавалкаў мяса. Мёртвыя галовы, здавалася, крычалі. Струмені крыві пераліваліся па падлозе ў залежнасці ад крэна карвета. Унутраная абшыўка судна, прабітая ў многіх месцах, пачала распаўзацца. Усё судно напоўнілася пякельным гулам.

Капітан хутка авалодаў сабой, і па яго загаду на сярэднюю палубу пачалі кідаць усё, што толькі магло затармазіць ці аслабіць шалёны рух каранады, — матрацы, ложкі, запасныя парусы, жмуты канатаў, мяхі з матроскай бялізнай і нават пачкі фальшывых папяровых грошай, якіх на карвеце быў цэлы груз; на гэтую подлую выдумку англічан у той час глядзелі, як на зусім дазволеную ваенную хітрасць.

Але чым магло дапамагчы гэтае рыззё, калі ніхто не адважваўся спусціцца, каб разлажыць яго належным чынам? Праз некалькі мінут яно ўсё было параскідана і пакрышана ўшчэнт.

Хваляванне на моры павялічвала катастрофу. Сапраўдная бура, можа, перакуліла-б гармату; каб яна апынулася на баку або коламі ўгару, з ёй можна было-б справіцца.

Між тым руйнаванне ішло далей. Ужо стварыліся