Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/340

Гэта старонка была вычытаная

Нашага камандзіра ды на гільятыну! Ну, не, Лузета[1], дудкі! Гэтага не будзе! Мы любім нашага камандзіра, вам патрэбен наш камандзір. Цяпер ён нам зрабіўся яшчэ даражэйшым. Яго на гільятыну! Нават слухаць смешна. Не, не, толькі не гэта! Гэтага мы не хочам. Досыць я наслухаўся глупства. Балбачыце сабе на здароўе, але гэтага не будзе.

І Радуб сеў. Яго рана адкрылася. З-пад павязкі, з таго месца, дзе ў яго было вуха, павольна цякла па шыі струменьчыкам кроў.

Сімурдэн павярнуўся да яго.

— Вы падаеце голас за апраўданне падсуднага?

— Я падаю голас за тое, каб яго зрабілі генералам, — адказаў Радуб.

— Я пытаюся вас, ці хочаце вы, каб падсудны быў апраўданы?

— Я жадаю, каб яго зрабілі першым чалавекам у Рэспубліцы.

— Сержант Радуб, адказвайце пэўна: хочаце вы, каб камандзір Говэн быў апраўданы? Так ці не?

— Я хачу, каб мне адсеклі галаву заместа яго!

— Вы, значыцца, за апраўданне, — сказаў Сімурдэн. — Сакратар, запішыце.

Сакратар запісаў:

„Сержант Радуб — за апраўданне“.

Потым сказаў:

— Адзін голас за кару смерцю, адзін за апраўданне. Галасы падзяліліся.

Чарга падаваць голас была за Сімурдэнам.

Ён падняўся з месца, зняў капялюш і палажыў яго на стол. Цяпер ён быў нават не бледны: твар яго быў зямлістага колеру.

  1. Так жартам называлі гільятыну.