Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/342

Гэта старонка была вычытаная

Каб усе, хто тут быў, ляжалі ў магіле, то і тады цішыня не магла быць больш глыбокай.

Урачыстым, павольным, цвёрдым голасам Сімурдэн прамовіў:

— Падсудны Говэн, мы разгледзелі вашу справу. Ад імя Рэспублікі ваенны суд большасцю двух галасоў супроць аднаго… — Ён прыпыніўся, нібы затым, каб даць сабе час падумаць. Перад чым ён вагаўся? Перад смяротным прыгаварам? Перад апраўданнем? Усе стоілі дыханне. Ён скончыў: — …прыгаварвае вас да кары смерцю.

Пакута абавязка была напісана на яго мёртвым твары. Але гэта быў толькі мімалётны выраз; ён мільгануў і знік.

Твар Сімурдэна зноў зрабіўся каменным. Ён сеў, надзеў капялюш і сказаў:

— Говэн, заўтра з усходам сонца вы будзеце пакараны смерцю.

Говэн устаў, пакланіўся суду і сказаў:

— Дзякую суддзям.

— Адвядзіце асуджанага, — загадаў Сімурдэн.

Ён зрабіў знак рукой. Дзверы цямніцы адчыніліся, прапусцілі Говэна і зачыніліся за ім. Канваіры засталіся на варце ля дзвярэй з голымі шаблямі.

Радуб паваліўся на падлогу, страціўшы прытомнасць. Яго вынеслі.

ПАСЛЯ СІМУРДЭНА-СУДДЗІ — СІМУРДЭН-НАСТАЎНІК

Ваенны лагер падобны на асінае гняздо, асабліва ў рэволюцыйныя эпохі. Адважны рэспубліканскі атрад, узяўшы замак Тург, усхваляваны апошнімі падзеямі, гудзеў на розны манер, як патрывожаны вулей. Даве-