Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/344

Гэта старонка была вычытаная

ванне супроць яго пераходзіла ў шэпт, а шэпт — у маўчанне. Сімурдэн заставаўся поўналадным гаспадаром лёсу Говэна і лёсу ўсіх астатніх. Усе ведалі, што яго бескарысна прасіць, што ён паслухаецца толькі голаса свайго сумлення. Усё залежала ад яго. Тое, што ён зрабіў у якасці ваеннага суддзі, ён мог скасаваць ў якасці грамадзянскага дэлегата. Ён адзін мог дараваць віну. Яму была дана неабмежаваная ўлада: па аднаму яго знаку Говэн мог атрымаць волю. Ён быў гаспадаром жыцця і смерці; ён быў гаспадар гільятыны. У гэты трагічны момант ён быў усемагутны.

Заставалася толькі чакаць раніцы.

Ноч надышла.

У ЦЯМНІЦЫ

Зал суда зноў ператварыўся ў кардэгардыю. Варта была падвоена, як і напярэдадні. Дзверы ў падзямелле па-ранейшаму ахоўвалі два жандармы.

А поўначы чалавек з ліхтаром прайшоў праз кардэгардыю, назваў сябе і загадаў адчыніць цямніцу. Гэта быў Сімурдэн. Ён увайшоў у верхнюю камеру і пакінуў дзверы напалову адчыненымі.

У камеры было цёмна і ціха. Сімурдэн пераступіў цераз парог, паставіў на падлогу ліхтар і спыніўся. У поўзмроку было чутна роўнае дыханне спячага чалавека.

Сімурдэн задумліва прыслухаўся да гэтага спакойнага дыхання.

Говэн ляжаў на саломе ў дальнім куце камеры і моцна спаў.

Стараючыся не шумець, Сімурдэн падышоў да яго зусім блізка і доўга на яго глядзеў. Погляд мацеры, якая цешыцца з свайго спячага дзіцяці, не мог быць болей пяшчотным. У поглядзе Сімурдэна выказвалася