Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/347

Гэта старонка была вычытаная

— Пі спачатку ты, — сказаў Сімурдэн.

Говэн адпіў і перадаў яму кубак. Говэн глынуў толькі раз; Сімурдэн піў прагна і доўга. Наогул, за гэтай вячэрай Говэн еў, а Сімурдэн піў — верны прызнак душэўнага спакою першага і ліхаманкавага хвалявання другога.

У камеры панавала атмасфера жахлівага спакою. Паміж настаўнікам і вучнем завязалася гутарка. Говэн казаў:

— Рыхтуюцца вялікія падзеі. Тое, што стварае рэволюцыя, у сучасны момант схавана ад нашых вачэй. Тое, што мы бачым, жорстка; тое, чаго мы не бачым, надзвычайна прыгожа. Зараз я ясна бачу тое, што будзе. Як дзіўна і як хораша! Урок мінулага не прайшоў дарма: ён стварыў гэты незвычайны дзевяноста трэці год.

Абодва змоўклі.

— Растлумач дакладней, — сказаў Сімурдэн.

— Калі ласка. Вы хочаце агульнай воінскай павіннасці, абавязковай для ўсіх. Але з кім-жа ваяваць? З іншымі людзьмі? Ну, а я — я зусім не прызнаю вайсковай службы: я не хачу вайны, я хачу міру. Вы хочаце дзяржаўнай дапамогі беднаце, а я хачу, каб зусім не было беднаты. Вы хочаце прапарцыянальных падаткаў, а я не хачу ніякіх падаткаў. Я хачу, каб агульныя выдаткі былі прыведзены да прасцейшых форм і аплачваліся з лішкаў грамадскіх даходаў.

— Як-жа гэта зрабіць?

— А вось як. Перш за ўсё знішчыце ўсіх паразітаў грамадскага арганізма: служак культа, суддзяў, армейшчыну. Затым пастарайцеся скарыстаць вашы багацці. Вы кідаеце ўгнаенне ў памыйныя ямы — кідайце яго ў баразну. Ва Францыі тры чвэрці зямлі пустуе — узарыце ўсю зямлю, знішчыце лішнюю пашу, падзя-