Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/348

Гэта старонка была вычытаная

ліце па-роўнаму на ўсіх комунальныя землі. Няхай у кожнага работніка будзе ўчастак зямлі, і на кожным участку будзе работнік. Тады ў сто разоў павялічыцца агульная прадукцыйнасць краіны. Цяпер ва Францыі селянін есць мяса чатыры дні на год, а пры рацыянальнай апрацоўцы зямлі Францыя пракорміць трыста мільёнаў чалавек — усю Еўропу. Прымусьце працаваць на вас кожны парыў ветру, кожны вадапад, усе магнетычныя токі. Зямны шар працяты сеткай багацейшых жыл, якія хаваюць невычарпальныя запасы вады, масла, агню. Раскапайце гэтыя жылы, і вы атрымаеце ваду для вашых фантанаў, масла для вашых лямп, агонь для вашых хат. А рух марскіх хваль? А прылівы і адлівы? Што такое акіян? Велізарная сіла, якая гіне дарма. Як бязглузда, што суша не скарыстала да гэтага часу акіяна!

— Ты занадта марыш.

— Ніколькі.

І, памаўчаўшы, Говэн дадаў:

— А жанчына? У ва што вы ператварылі жанчыну?

Сімурдэн адказаў:

— У тое, што яна ёсць. У слугу мужчыны.

— Так, жанчына — слуга мужчыны, але пры адной умове.

— Пры якой?

— Пры той умове, каб і мужчына быў слугой жанчыны.

— Ты глупства гаворыш! — усклікнуў Сімурдэн. — Мужчына — слуга жанчыны! Ніколі гэтага не будзе. Мужчына — уладар. Я прызнаю толькі адну самадзяржаўную ўладу — уладу мужчыны ў сваім доме. Мужчына ў сваім доме — цар.

— Так, але пры ўмове, каб жанчына была ў ім царыцай.