Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/35

Гэта старонка была вычытаная

шчыліны, нават надломы ў ніжняй частцы мачт, што ішлі скрозь усе ярусы судна аж да самага кіля. Пад сударгавымі штуршкамі каранады фок-мачта трэснула; нават грот-мачта была папсаваная. Уся батарэя расхлябалася. Дзесяць гармат з трыццаці былі ўжо непрыгодныя для бою. Лік прабоін у бартах павялічваўся, і ў карвет пачала прасочвацца вада.

Стары пасажыр, спусціўшыся на сярэднюю палубу, стаяў, як статуя. Суровым поглядам назіраў ён руйнаванне, але не варушыўся. Здавалася, немагчыма было зрабіць і кроку ў памяшканні батарэі.

Набліжаўся момант гібелі карвета. Яшчэ некалькі мінут, і крушэнне было-б немінучым.

Заставалася або загінуць, або адхіліць катастрофу. Трэба было на нешта адважыцца.

Але на што?

Каранада была страшным супраціўнікам. Трэба было ўсмірыць вар'ятку, прымацаваць маланку, абясшкодзіць гром.

— Толькі бог можа выратаваць нас, — сказаў Буабертло.

Усе маўчалі, пакінуўшы каранадзе рабіць сваю жудасную справу.

А знадворку хвалі біліся аб барты карвета, адказваючы сваімі ўдарамі на ўдары з сярэдзіны. Здавалася, два молаты б'юць па чарзе.

Раптам на гэтай непрыступнай арэне, дзе вольна разгульваў вызвалены ад ланцуга звер, з'явіўся чалавек з жалезным брусом у руцэ. Гэта быў вінавайца катастрофы, кананір, па чыёй нядбайнасці здарылася ўся гэтая бяда. Адчуваючы сябе вінавайцам няшчасця, ён захацеў паправіць яго. Схапіўшы ў адну руку ганшпуг, у другую вяроўку з зацяжной пятлёй, ён саскочыў праз люк на пярэднюю палубу.