Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/350

Гэта старонка была вычытаная

робіць. Цывілізацыя была заражана чумой, ураган рэволюцыі развеяў заразу. Магчыма, што ён часам зносіць разам з дрэнным і добрае. Але ці можа быць іначай? Яму трэба зрабіць такую грунтоўную чыстку! І потым, чаго мне баяцца буры, калі ў мяне ёсць компас? Чаго мне баяцца самых грозных падзей, калі ў мяне жывое сумленне?

Ён змоўк. Вочы яго ззялі. Губы ціха варушыліся.

Дзверы заставаліся напалову расчыненымі. У падзямелле знадворку пранікалі нейкія гукі. Слаба, як быццам здалёк, даносіўся бой барабанаў: мабыць, адбівалі зару. Чуваць быў стук стрэльбавых прыкладаў аб зямлю: гэта мянялі вартавых. Затым досыць блізка ад вежы пачуўся нейкі рух, нібы цягалі нейкія дошкі ці бярвенні, і пачуліся глухія, з перапынкамі, удары, нібы ўдары малаткоў.

Бледны як смерць, Сімурдэн прыслухоўваўся да гэтых гукаў. Говэн іх не чуў. Ён усё больш і больш паглыбляўся ў свае думы.

Так прайшло даволі многа часу. Сімурдэн спытаў яго:

— Пра што ты думаеш?

— Пра будучыню, — адказаў Говэн і зноў пагрузіўся ў свае думы.

Сімурдэн падняўся з саламянай пасцелі, на якой яны абодва сядзелі. Говэн гэтага не заўважыў. Ціхімі крокамі, не спускаючы з маладога чалавека сумнага, поўнага гарачай пяшчоты погляду, Сімурдэн адступіў да дзвярэй і вышаў. Дзверы зноў зачыніліся.

СОНЦА ЎЗЫШЛО

На гарызонце пачынала віднець. На плато з'явіўся дзіўны, нерухомы, нябачаны тут дагэтуль прадмет, незнаёмы птушкам нябесным.