Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/351

Гэта старонка была вычытаная

Ён вырас за ноч. Гэта была больш дэкарацыя, як пабудова. Здалёк яе сілуэт вызначаўся на гарызонце прамымі, жорсткімі лініямі. Пры першым поглядзе на гэты прадмет міжвольна прыходзіла ў галаву, што ён тут лішні. Абкружаны квітучымі кустамі верасу, ён рэзаў вочы. Паўставала пытанне: чаго ён тут? Па целе прабягалі дрыжыкі.

Гэта было нешта накшталт памоста на чатырох тоўстых слупах. На адным канцы памоста былі замацаваны старчма яшчэ два слупы, злучаныя наверсе перакладзінай, да якой быў падвешан трохкутнік, які здаваўся чорным на блакітным фоне ранішняга неба. З другога канца памоста спускалася лесніца. Унізе, між двума слупамі, пад трохкутнікам, можна было разгледзець нешта накшталт рамы, складзенай з двух паасобных палавінак, якія маглі рассоўвацца, а ссунуўшыся, складалі круглую дзіру, роўную ў дыяметры сярэдняй велічыні шыі чалавека. Верхняя палавіна рамы слізгала ў пазах і магла падымацца і апускацца. Цяпер рама была рассунута. Ля падножжа двух слупоў з перакладзінай, на якой вісеў трохкутнік, відаць была дошка накшталт тых, што ўжываюцца для гушкання; яна магла паварачвацца на шарнірах. Побач з дошкай стаяў доўгі кош, а наперадзе, між слупамі, на канцы памоста — другі, чатырохкутны, кош. Усё было афарбавана ў чырвоны колер. Усе часткі былі драўляныя, апрача жалезнага трохкутніка.

Адчувалася, што гэта пабудова — справа чалавечых рук: такая яна была брыдкая і нікчэмная. Разам з тым яна была такая страшная, што мімаволі думалася: ці не злыя духі прынеслі яе сюды?

Гэтая нязграбная і страшная пабудова была гільятына.