Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/352

Гэта старонка была вычытаная

За некалькі крокаў ад яе, супроць яе, у раву, стаяла другое страшыдла — вежа Тург. Каменнае страшыдла нібы выклікала на бой страшыдла драўлянае.

У Тургу былі сканцэнтраваны пятнаццаць стагоддзяў — усе сярэднія вякі: васальства, прыгонніцтва, феадалізм. У гільятыне быў адзін толькі дзевяноста трэці год. І гэтыя дванаццаць месяцаў уроўнаважвалі пятнаццаць вякоў.

Замак Тург — гэта была манархія, гільятына — рэволюцыя.

Трагічнае супастаўленне. З аднаго боку — доўг, з другога — плацёж. З аднаго боку — складанейшае спляценне: памешчык і прыгонны, пан і раб, розначынец і дваранін, стракаты кодэкс законаў, якія пераплятаюцца са звычаямі, саюз папа з суддзёй, незлічоныя путы, што звязваюць чалавека па руках і нагах, дзяржаўны ціск, саляны падатак, падушны падатак, неадчужальная маёмасць, забабоны, фанатызм, каралеўскія прывілеі, скіпетр, прастол, самавольства. З другога боку — простая рэч: нож гільятыны. З аднаго боку — вузел, з другога — сякера.

На працягу доўгага часу вежа Тург самотна стаяла ў гэтай пустыні, пагражаючы сваімі байніцамі, з якіх лілося кіпучае масла, гаручая смала і растоплены свінец, сваёй падземнай цямніцай, выбрукаванай чалавечымі касцямі, сваім засценкам, дзе чвэрткавалі людзей, усёй сваёй суровай трагедыяй. Яе лютая велічыня панавала над гэтым лесам; пятнаццаць вякоў пражыла, яна ў злавесным спакоі пад яго аховай. У гэтай мясцовасці яна была адзінай сілай, адзіным прадметам пашаны, адзіным жахам. Непадзельна ўвасабляючы сабою варварства, яна панавала неабмежавана. І раптам перад ёй і супроць яе ўстае нешта такое самае, як яна, страшнае, — гільятына. Здавалася, вежа Тург