Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/353

Гэта старонка была вычытаная

разглядала гільятыну. Яна нібы пытала сябе: «Што гэта такое?» Яно нібы вырасла з зямлі.

І яно сапраўды вырасла з зямлі.

У жудаснай зямлі зарадзілася гэтае злавеснае дрэва. З зямлі, палітай потам і слязмі, насычанай крывёю; з зямлі, перакапанай равамі, пячорамі і засадамі; з зямлі, у якой было столькі магіл, дзе гнілі косці столькіх мерцвякоў, афяр ўсіх відаў тыраніі; з ямлі, у якой было пахавана столькі злачынстваў, жудаснага насення будучыні — з гэтай зямлі ў вызначаны лёсам дзень вышла незнаёмая мсцівіца, жорсткая машына з вісячым нажом, і дзевяноста трэці год сказаў старому свету: «Вось я».

Гільятына мела права сказаць старому замку: «Я — твая дачка».

Здавалася, Тург замяшаўся перад гэтай страшнай зданню. Здавалася, ён баяўся яе.

Ніколі яшчэ неба не ўсміхалася так ласкава, як у гэтую летнюю раніцу. Цёплы ветрык калыхаў парасткі верасу; апошнія шматкі досвітнага туману ціханька паўзлі па траве; Фужэрскі лес, увесь насычаны дыханнем ручаёў, дыміўся на золку. Усё насіла адбітак чыстаты і нявіннасці. Сярод усяго гэтага хараства стаялі адзін супроць другога цытадэль і эшафот, вайна і катаванне, стварэнне крывавых вякоў і стварэнне крывавай мінуты.

У гэтага відовішча былі гледачы. Чатыры тысячы салдат маленькага экспедыцыйнага атрада былі выстраены ў баявым парадку на плато супроць замка. Яны абкружылі гільятыну з трох бакоў, стварыўшы нешта накшталт літары Е. Артылерыйская батарэя, змешчаная пасярэдзіне самай даўгой, сярэдняй, шарэнгі, стварала сярэднюю рыску гэтага Е. Чырвоная машына была абгароджана гэтымі трыма баявымі шарэнгамі, як жы-