Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/354

Гэта старонка была вычытаная

вой сцяной, якая з двух бакоў даходзіла да самых берагоў кручы над ровам; чацверты, адкрыты бок гэтай жывой агарожы замыкаўся лініяй рову і быў павернуты да замка. На вольнай мясціне, пасярод гэтага даўгога чатырохкутніка ўзвышаўся эшафот. Па меры таго як падымалася сонца, цень гільятыны на траве рабіўся ўсё карацейшым.

Ля гармат стаялі артылерысты з запаленымі кнотамі. Ад рову цягнуўся ўверх лёгкі сіняваты дымок: гэта дагараў будынак на мосце. Дымок завалакваў усю ніжнюю частку вежы, так што вяршыня яе, здавалася, лунала над гарызонтам. Ад гільятыны яе аддзяляла толькі шырыня рову.

На вышку вежы перанеслі той стол, за якім сядзелі суддзі, і крэсла з прымацаванымі за яго спінкай трохкаляровымі сцягамі. Сонца ўставала над Тургам, і на золаце яго праменняў чорнай плямай выступала вежа, на вышцы яе судзейскае крэсла пад сцягамі і на крэсле нерухомая фігура чалавека са скрыжаванымі на грудзях рукамі.

Гэта быў Сімурдэн. Ён быў, як і напярэдадні, у форме грамадзянскага дэлегата: у капелюшы з трохкаляровай какардай, з шабляй пры баку і з двума пісталетамі за поясам.

Ён маўчаў. Усе маўчалі. Салдаты стаялі, трымаючы стрэльбы ля ног і панурыўшыся. Яны датыкаліся адзін да аднаго локцямі, але не размаўлялі. Яны думалі пра гэтую жудасную вайну, пра бязлікія бойкі, у якіх яны ўдзельнічалі, пра стрэлы з-за вугла, да якіх яны так адважна ішлі насустрач, пра зграі раз'юшаных сялян, якіх яны рассеялі, пра ўзятыя крэпасці, пра перамогі, і ім пачынала здавацца, што ўся гэтая слава пачынае ператварацца ў ганьбу. Жахлівае чаканне сціскала ўсе сэрцы. Відаць было, як па памосце гільятыны пахадж-