Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/356

Гэта старонка была вычытаная

развяваліся па ветру: у той час мужчыны не стрыглі каротка валасоў. Яго белая шыя была далікатная, як у жанчыны. Стоячы на эшафоце, ён усё яшчэ марыў. Эшафот-жа таксама вяршыня. Говэн стаяў, выпраміўшыся на ўвесь рост, велічны і спакойны. Заліваючы яго сваім святлом, сонца, здавалася, акружала яго галаву арэолам.

Трэба было звязаць асуджанага. Кат з вяроўкай у руцэ наблізіўся да яго.

Але тут салдаты, убачыўшы, што іх маладога камандзіра зараз паложаць пад нож, не вытрымалі: сэрцы гэтых людзей, якія прызвычаіліся нават да жахаў вайны, цяпер перапоўніліся. Пачулася нешта жудаснае: рыданне арміі. Узняўся агульны крык: «Літасці! Літасці!» Некаторыя ўпалі на калені, другія пакідалі стрэльбы і працягнулі рукі да вышкі, дзе сядзеў Сімурдэн. Адзін грэнадзёр закрычаў, паказваючы на гільятыну: «Прымаюць тут намеснікаў? Вазьміце мяне!» Усе паўтаралі ў роспачы: «Літасці! Літасці!» Дзікі звер быў- бы расчулены гэтым галашэннем або ад жаху кінуўся-б бегчы ад іх. Салдацкія слёзы — страшная рэч.

Кат стаяў, не ведаючы, што рабіць.

Тады голас, глухі і нізкі, але пачуты ўсімі — да такой ступені ён быў злавесны, — закрычаў з вышыні веж:

— Хай будзе выкананы закон!

Усім быў добра знаёмы гэты няўмольны, уладарны голас. Сімурдэн сказаў сваё слова. Па радах войска прабегла трапятанне.

Кат больш не вагаўся. Ён падняў сваю вяроўку.

— Пачакайце, — сказаў яму Говэн.

Павярнуўшыся ў бок вежы, ён вольнай правай рукой зрабіў развітальны знак Сімурдэну і затым даў сябе звязаць.