Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/357

Гэта старонка была вычытаная

Калі яго звязалі, ён сказаў кату:

— Выбачайце, яшчэ хвілінку.

І крыкнуў:

— Хай жыве Рэспубліка!

Яго палажылі на дошку; прыгожую, гордую галаву прасунулі ў ганебны ашыйнік. Палач ціханька адгарнуў яму валасы на шыі, потым націснуў пружыну. Трохкутны нож зрушыў з месца і пачаў спускацца спачатку павольна, потым шпарчэй. Пачуўся агідны гук…

У той-жа момант пачуўся другі гук. Удару сякеры адказаў пісталетны стрэл. Сімурдэн выхапіў з-за пояса адзін з сваіх пісталетаў і ў той міг, калі галава Говэна пакацілася ў чырвоны кош, стрэліў сабе ў сэрца. З рота яго хлынула кроў. Ён зваліўся мёртвым.